17 лiпеня 2024 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Сяргея Пракопавіча Агейчыка (1924–2004), Ганаровага дарожніка БССР (1969), Героя Сацыялістычнай Працы (1971)
Сяргей Пракопавіч Агейчык нарадзіўся 17 ліпеня 1924 г. у в. Любішчыцы Борка-Гічыцкай гміны Косаўскага павета Палескага ваяводства (цяпер аграгарадок Любішчыцы Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у беднай шматдзетнай сям'і. Вучыўся ў польскай школе, з 1939 г. — у савецкай.
27 студзеня 2024 г. — 95 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Мікалаевіча Дудука (1929–2009), Героя Сацыялістычнай Працы (1986), заслужанага работніка сельскай гаспадаркі БССР
Аляксандр Мікалаевіч Дудук нарадзіўся 27 студзеня 1929 г. у в. Нарашэвічы Несвіжскага павета Навагрудскага ваяводства (цяпер Клецкага раёна Мінскай вобласці) у беднай сялянскай сям’і. Да Вялікай Айчыннай вайны закончыў 7 класаў. У час вайны ўдзельнічаў у партызанскім руху. З верасня 1943 г. – партызан спецатрада «Авангард», які дыслацыраваўся на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці.
10 кастрычніка 2023 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Галіны Фёдараўны Скакун (1943–2022), жывёлавода, Героя Сацыялістычнай Працы (1988)
Галіна Фёдараўна Скакун (у дзявоцтве Асіюк) нарадзілася 10 кастрычніка 1943 г. у в. Барысы Дамачаўскага (цяпер Брэсцкага) раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацька быў арыштаваны немцамі, неўзабаве памёр ад туберкулёзу. Маці, Галіна Іванаўна Асіюк, у 1950-я гг. – перадавая даярка, Герой Сацыялістычнай Працы (1958). Галіна з ранніх гадоў прызвычайвалася да цяжкой сялянскай працы, дапамагала маці..
22 лістапада 2024 г. — 110 гадоў з дня нараджэння Яўгеніі Андрэеўны Мелісевіч (1914–1988), перадавіка сельскагаспадарчай вытворчасці, Героя Сацыялістычнай Працы (1966)
Яўгенія Андрэеўна Мелісевіч нарадзілася 22 лістапада 1914 г. у в. Белавусаўшчына Пружанскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і малазямельных сялян. Ужо з дванаццаці гадоў Яўгенія пачала працаваць на панскім агародзе, з чатырнаццаці гадоў разам з маці даіла панскіх кароў. З 1939 г. працавала ў саўгасе «Белавусаўшчына», які быў створаны на базе панскага маёнтка.
1 студзеня 2023 г. — 85 гадоў з дня нараджэння Ганны Іванаўны Карповіч (Сухарэбская; 1938–1981), перадавіка сельскагаспадарчай вытворчасці, Героя Сацыялістычнай Працы (1966)
Ганна Іванаўна Карповіч (у дзявоцтве Сухарэбская) нарадзілася 1 студзеня 1938 г. у в. Быткоўшчына Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства (цяпер Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Дзіцём перажыла нямецка-фашысцкую акупацыю. Бацька памёр заўчасна неўзабаве пасля вайны, з маці, Марыяй Пятроўнай, засталіся тры сыны – Сігізмунд, Казімір, Вячаслаў і дачка Ганна. Ганна закончыла сем класаў і пайшла працаваць.
13 сакавіка 2023 г. — 95 гадоў з дня нараджэння Івана Міхайлавіча Сярэдзіча (1928–2007), заслужанага механізатара БССР (1963), Героя Сацыялістычнай Працы (1965)
Іван Міхайлавіч Сярэдзіч нарадзіўся 13 сакавіка 1928 г. у в. Забараўцы Лагішынскай гміны Пінскага павета Палескага ваяводства (цяпер Пінскага раёна Брэсцкай вобласці) ук шматдзетнай сялянскай сям’і. У гады Вялікай Айчыннай вайны перажыў нямецка-фашысцкую акупацыю. Атрымаў няпоўную сярэднюю адукацыю і прафесію трактарыста.
У 1950 г. Іван Сярэдзіч пачаў працаваць трактарыстам на Лагішынскай машынатрактарнай станцыі. Набыў практычны вопыт, займаўся самаадукацыяй, стаў механізатарам шырокага профілю. З 1958 г. – трактарыст калгаса імя Кірава (цяпер ААТ «Лышча») Пінскага раёна.
17 сакавіка 2023 г. — 95 гадоў з дня нараджэння Багуслава Багданавіча Вільчкоўскага (1928–1964), гаспадарчага дзеяча, Героя Сацыялістычнай Працы (1966)
Багуслаў Багданавіч Вільчкоўскі нарадзіўся 17 сакавіка 1928 г. у в. Пагулянка Навагрудскага ваяводства (цяпер Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці). У чатырнаццаць гадоў Багуслаў (з восені 1942 г.) стаў сувязным партызанскага атрада імя Катоўскага брыгады «ХХV год БССР». Збіраў звесткі і перадаваў партызанам, неаднаразова ўдзельнічаў у падрывах чыгункі і варожых эшэлонаў.
27 лістапада 2023 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Любові Ціханаўны Мазоль (1923–2007), Героя Сацыялістычнай Працы (1971), Ганаровага грамадзяніна Пінскага раёна (2006)
Любоў Ціханаўна Мазоль нарадзілася 27 лістапада 1923 г. у в. Аснежыца Пінскага павета Палескага ваяводства (цяпер аг. Аснежыцы Пінскага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і сялян. У гады Вялікай Айчыннай вайны перажыла нямецка-фашысцкую акупацыю. Пасля вайны працавала ў аднаасобнай сялянскай гаспадарцы.
18 жніўня 2023 г. — 135 гадоў з дня нараджэння Леаніда Кандрацьевіча Грэбня (1888–1980), вучонага ў галіне сялекцыі сельскагаспадарчых жывёл, Героя Сацыялістычнай Працы
Леанід Кандрацьевіч Грэбень нарадзіўся 18 жніўня 1888 г. у сяле Крынкі Воўчынскай воласці Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер вёска Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і земскага доктара. Экстэрнам здаў экзамен за курс рэальнага вучылішча ў г. Рагачоў Магілёўскай губерні, працаваў рахункаводам казначэйства (1901–1909). У 1910 г. прызваны ў Рускую армію, служыў у Забайкаллі, скончыў Віленскае ваеннае вучылішча (1913).
У гады Першай сусветнай вайны Леанід Грэбень удзельнічаў у баявых дзеяннях з 17 верасня 1914 г. Капітан 2-га Сібірскага сапёрнага батальёна, малодшы афіцэр 1-й сапёрнай роты. 18 лістапада 1914 г. быў паранены ў г. Лодзь і адпраўлены на лячэнне ў Варшаўскі шпіталь, які пакінуў у студзені 1915 г. Узнагароджаны ордэнамі Св. Ганны i Св. Станіслава, удастоены Георгіеўскай зброі за знішчэнне моста каля в. Алеснікі, што засведчана ў загадзе 12-й арміі № 160 ад 13.02.1917 г.
23 ліпеня 2023 г. — 90 гадоў з дня нараджэння Кацярыны Парфіраўны Ляснічай (1933–2022), жывёлавода, Героя Сацыялістычнай Працы (1966), Ганаровага грамадзяніна Пінскага раёна (2006)
Кацярына Парфіраўна Ляснічая (у дзявоцтве Белавус) нарадзілася 23 ліпеня 1933 г. у в. Аснежыца Пінкавіцкай гміны Пінскага павета Палескага ваяводства (цяпер аграгарадок Аснежыцы Пінскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Маці Кацярыны памерла, калі дзяўчынцы было ўсяго шэсць месяцаў. Неўзабаве пасля гэтага бацька ажаніўся другі раз. Бацька і мачыха не забывалі маленькую Кацю, якая з маленства жыла ў бабулі Зосі на іншым канцы вёскі, усяляк падтрымлівалі, асабліва ў суровыя гады нямецкай акупацыі (1941–1944).
Кацярына Белавус хадзіла ў мясцовую пачатковую школу. Нягледзячы на нягоды пасляваеннага часу, скончыла школу на «выдатна». Але вучыцца дзяўчынцы больш не давялося. З малых гадоў яна спасцігала сялянскую навуку ў полі і на лузе. Разам з сяброўкамі стала выходзіць на палявыя работы ў мясцовым калгасе імя І. В. Сталіна, які арганізаваны ў 1948 г. З шаснаццаці гадоў Кацярына была занята на розных работах у паляводстве, паспяхова працавала ў калгасе нароўне з дарослымі.